(Текст предоставил: Евгений Барышников) |
Барышников Евгений |
Евгений Барышников. Калі ў апошнюю ноч лістапада асыпецца дрэва сусьвету І з шоргатам ціхім адно за адным вымярэньняў лісьцё ападзе, Калі кульмінацыяй кананады з арбітаў сарвуцца планеты І Сонца ня зможа сваіх скакуноў больш трымаць у адвечнай нудзе, Ты памятай, ты не адна. Між смугі і насупар адчаю Я побач. Я тут. Я чакаю. Калі ў апошнюю ноч лістапада абрынуцца горы й надзеі, Зямля здрыганецца ў канвульсіях страшных і сурмы шалёна ўзравуць, Калі пад пякельнае праўды градам палацьмуць усе любадзеі, А попел падманнай нябеснаю маннай абросіць сухую траву — Ты ведай, я непадалёк. І служба ў мяне такая. Я побач. Я тут. Я чакаю. Калі ў апошнюю ноч лістапада пергаменам скурчыцца неба І сілы пакінуць на пір крумкачам тваю змучаную турму — Я вырву цябе асьцярожна бы гліну з упартае глебы І плаўнымі ўзмахамі тысячы крылаў над рэшткамі сьвету ўздыму Туды, скуль бягуць малако і мёд, Дзе знойдзеш сваё суцішэньне; Туды дзе вярышняў іскрыцца лёд, Паміж нятленьнем і тленьнем, Туды, дзе няма ні дабра, ні зла, Ні сумневаў, ні горкіх пакут... Ня бойся. Я побач. Я тут. Калі ж у апошнюю ноч лістапада нічога ня здарыцца зноўку, І ранішні лёгкі мароз пасярэбрыць апалага лісьця медзь, Калі па зіме заквітнеюць прысады, вясны апрануўшы абноўкі, І дрэва сусьвету ў цябе пад вакном лістотай працягне шумець Ты ўсё ж такі не забывай: не бясконцая радасьць людзкая. Я побач. Я тут. Я чакаю. Менск, 10.2009 – 5.10.2013