(Текст предоставил: Евгений Барышников)
Барышников Евгений

Мы іх гнацьмем да самай мяжы...

                  Евгений Барышников.

Ці ня кожны сьвядома-беларускі бард, паэт, песнапісЕц і г.д. 
нібыта проста абавязаны асьвяціць пэўны шэраг тутэйшых гераічных мемаў тэмаў: 
ВКЛ, Вільня, Вітаўт, Пагоня... 
Прынамсі на некалькіх фэстах даводзілася чуць падобныя пафасныя соплі. 
Хаця колькі ж можна? "И неееет нам покоя, гори, но живиии..." 
"Не, нафіг-нафіг" — думаў мну, катаючыся на коніку (на коніку ж акурат цягне на гераічнасьць). 
Але прывідзіўся мне замест бел-чырвона-белых скакуноў наступны рэтрафутурызьм у гацішных танах:

Мы іх гнацьмем да самай мяжы.
І хаця мы адсунулі межы далёка,
Уцячы няма як — усюды нашы віжы,
Нашых вежаў радары — адно усёвідушчае вока.
Бліскавіца пярунавай рунай асьвеціць нам шлях,
І вагнём захрыпяць курадымныя чорныя коні.
Апускаю забрала. І зброя сьвярбіць ў руках.
Растаю, прападаю ў салодкім азарце пагоні.

Мы іх гнацьмем да самай мяжы —
Той адзіны выпадак калі ў сьпіну біць не ганебна.
"Хто прыйшоў сюды здохнуць, тым дапамажы" —
Вось дзядоўскі закон, ухвалёны й зацьверджаны небам.
Ды геройства тут мала, суцішце фанфараў выцьцё. 
Наша лютая літасьць — у кароткай расправе, ня болей.
Гэта гонка на сьмерць і гульня на жыцьцё.
Ды сьляды ў нікуды сярод мёрзлага бруду пагоні.

Мы іх гнацьмем да самай мяжы
Покуль зьзяе Ярылавы Крыж раздарожжамі трас на пятліцах,
Покуль родзяцца ў краі мужы,
Покуль кліча з-за хмараў меч карны ў срэбнай дзясьніцы.

Хай дыміцца ўзараны асфальт,
Зерне гільзаў кладзецца ў дарогі разьбітае ўлоньне —
Маем веру і праўду, свой шлях і свой кшталт,
І ня маем правоў на сумневы 
Ў гарачым палоне Пагоні.
Прыйдзе час — і мы здымем шаломы далоў,
І дажджы нашых верных „Дрыґантаў" адмыюць ад сажы да бляску.
Затрубяць жаўрукі і мы вернемся да агмянёў.
Засьпявае душа белым пер’ем на крылах гусарскіх.

І тады ўжо, ня дзеля сьцягоў ды пустых узнагарод,
Мы праедзем пад Вострае Брамай ў зіхоткай параднае форме.
Гэтак будзе, наступнай вясной ці праз некалькі год...
А пакуль што — па сёдлах, панове! Ідзе праца ў чорным.

А пакуль што — глядзі як з крыві і дарожнай гразі,
Манатоннымі гімнамі ветру ля голеных скроняў
Паўстае на дыбы чорны вершнік з узьнятым UZI
У сьвятарным запале бясконцай Пагоні.
У запале бясконцай Пагоні.

Ліпень-Сьнежань, 2009.


Бард Топ elcom-tele.com      Анализ сайта