(Текст предоставил: Евгений Барышников)
Барышников Евгений

Каранi (Корни).

                  Евгений Барышников.

К вопросу названий, самоидентификации, самосознания и тараканов в голове.

     ...так і чалавек: дзе нарадзіўся
        і ўзрошчаны, да таго месца вялікую ласку мае...
ад пупавіны 
да дамавіны
шлях.

не маскаль,
не жмудзін, 
не хахол,
і ня лях

і справа тут нават не ў крыві,
дый імёны тут ні пры чым
грунт і глеба перадусім.

бо тут народжаны,
тут народ жывы,
тут мой род ляжыць -
стаю на касьцях.

спадзяюся, побач лягу 
з часам 
сам

а пакуль стаю,
таю, таю, таю,
ўсё мацней у грунт, у зямлю ўрастаю.
з кожным крокам наперад,
з кожным калівам веды
усё глыбей у глебу ўрастаю.
таю, таю, таю, таю,
сок зямлі ўбіраю ў кроў,
прарастаю
наноў.

гэй, зямля сьвятая,
маю́ ж прагу ма́ю,
дай жа дух і сілу
вартым стацца сынам,
бо я бачу растуць камяні,
бо я чую пяюць камяні:
"барані карані"

як у пу́шчу пушчу́ пару верных выжлаў,
адно мэтай хартам не зьвяроў дам хіжых,
але птушкі дзьве пырхнуцьмуць з рукі
ў розныя бакі
уцякаць-цячы,
пушчу расьсячы
морам мроячы.
ды ад гора да мора 
ад мяжы да мяжы,
яхкай-вый грамчэй,
выем вецер вей,
рукавамі рэк абдымі-спавей,
спавей-абвяжы,
аббяжы, выжал, аббяжы
бяжы,
бяжы,
бяжы,
зьберажы
барані карані

бо я чую пяюць камяні:
"барані карані"

а на ростанях, дзе слупы стаяць
прахам памяць ляжыць,
бы празь цемру гаць.
скрыжаваньне лёсаў
лясоў, алёсаў,
ды сьцяжына празь сенажаць.
дзе трыпутнік расьце, дзе крыжы гараць
пад нябёсамі
зоркі росамі
дзе кужэль туману гарачай крыцай
прапячэ зара, заірдзіць зарніцай,
над іржышчам закружыць арол-шуляк
між бародаў хмар
крыжам пасалонь
пад крылом абшар
круччамі агонь
па падолу неба горыньню
запалае 
            чырвоны 
                          шляк.

гэта колер 
крыві, крыві, крыві
кры́ве, кры́ве
кры́ві, крыві́, крыві́

у сьвятле зары
гарыць дуб крывы.
бы ў крыві кара,
на кары равы —
драпіны маршчын,
што пакінулі часу жорнавы.

стаю побач, таю, таю,
кару кратаю, ўрастаю,
сок зямлі ўбіраю ў кроў,
чую рух карэньняў-вужоў,
а ў лістоце-кажушыне —
шумны гоман-гул птушыны.

птушкі моцныя гняздом
вірам рыба, вульлем пчолы, 
сховам зьвер. чым дрэўцам кволым
чахнуць на зямлі чужой,
лепш у дуброве дужэць жалудом
дом дом дом
бо тут дом.

бо з глебы-рошчыны
тут узрошчаны,
ды тутэйшчынаю
пахрошчаны:
хлебам нашча, няшчымнай кашаю,
борам-прошчаю,
воўчай пашчаю,
крушняй-замчышчам,
ды з пажарышчаў
праху прыгаршчамі
ксьціцца шчасьціла
нам.
неба — купал
купель — крыніца
крыўя — храм

і справа тут бадай не ў крыві,
дый назовы зусім ні пры чым
грунт і глеба перадусім!

бо як хочаш сябе заві
бо як хочаш кліч —
"беларусец", "ліцьвін", "крывіч",
альбо собскі выдумай кіч —
усё адно бяз гэтай зямлі сьвятой
усе імёны твае, дый сам ты — нішто.

нараджэньне — пазыка. скон — пачэсная плата.
кожны дзень, кожны крок — роднай глебе рата
хто б ня быў ты: аратар, аратай
ратай 
ратай
ратуй
барані карані

***
у дамавіну ад пупавіны спракавечны шлях
ад запечча малочных зубоў да ламоты ў касьцях

напаткае й мяне белы велічны вершнік. павітаю яго.
вазьму жменю зямлі, усьміхнуся й пайду — там пазнаюць мяне за свайго.
і хоць вусьцішшу ўхутаны стомлены рыцар на змарнелым сваім кані,
ды нашмат болей страшна згубіцца між тых, хто згубіў карані.

адарваныя ад зямлі,
хто ўсхваляе чужыя агні,
хто ня чуе праз тлум, як пяюць родныя камяні.
хто ня хоча пачуць, што пяюць камяні.

барані ж, браце, барані
карані. сам сабе не мані.
бараніце, браты, 
бараніце свае карані.


Бард Топ elcom-tele.com      Анализ сайта