(Текст предоставил: Евгений Барышников) |
Барышников Евгений | Посмотреть (исп. автор) |
Евгений Барышников. Цішыня запавольвае дых, супакойвае жылы, Што нястомна пульсуюць гаючаю стрыманай сілай. Але толькі расступяцца воўнай кудлатай туманы, Як відаць бег часоў, што пад белай аўчынай схаваны. І нясе скрозь дрымоту палёў, праз гаі й гушчары Цёмна-рудыя воды свае Мая Щара. Ты — адна са шматлікіх артэрыяў гэтай зямліцы. У ціхай, быццам бы, плыні бруяцца віроў таямніцы. Ды ўючыся вужакай паміж старавечных курганаў, Што ты хочаш знайсьці ці якія хаваеш заганы? Я хачу зразумець, разгадаць твае ведзьміны чары. Ведаць ямы і броды твае, Мая Шчара. Ты калісьці гайдала на ўлоньні плыты й віціны Толькі лодкі спрахнелі на мелях між затхлае ціны, І я ведаў цябе ўжо такой, ды люблю з тае хвілі Як малых шчупакоў мы ў старыцы рукамі лавілі. Для кагосьці ты - проста на мапе блакітная рыска... І няхай ты ня ўбачыш ніколі абсягаў балтыйскіх, Бо раней Нёман воды твае ператворыць у хмары, Я пяю аб табе, Мая Шчара! Ты — маўклівая сьведка падзеяў сівое даўніны. Люстры завадзяў бачылі ўсё: і гаротных і слынных; Ад паходаў галіцкіх князёў да імпэрскай навалы; Як зь зямлі, багны, рэк і лясоў тут Літва паўставала. Віраваньне параз, перамог, баляў, войнаў, пажараў — Шмат унесла барвовай вады Мая Шчара. На тваіх берагох сёньня гнёзды вароніных зграяў... Мне здаецца, ты — быццам гісторыя гэтага краю: Колькі глею чужынцы нанесьлі ў цярплівыя хвалі, Як выпроствалі рэчышча, абалону ссушалі... Але ўвесну ізноў, крыгаломам збудзіўшы абшары, Разальецца наўсьцяж паплавоў Мая Шчара. Хай давеку жыве і пульсуе між родных абшараў, Абмываючы сэрцы сыноў, Мая Шчара! Хай нас жывяць крынічнай вадой запаветныя мары, Ёсьць у кожнага з нас свой выток, Свая Шчара!!! 2007