(Текст предоставил: Евгений Барышников

Паморская легенда.

                  Евгений Барышников.

Зьдзіўлены ветразь шалее на мачце пахіленай
Пасрод нерухомасьці вод. 
Чайкі, адчаем зьнясіленыя, 
Б'юцца грудзямі аб лёд. 

Крочыць цяжка. Павекі ўздыму заінелыя.
Адчуваю сьвятло — значыць покуль жывы?
Прызвычайваю вочы да белага,
Ды з-пад броваў, з марозу сівых,
Пазіраю ўсьлед бруйнае замеці,
Што сягае за небакрай...
Божухна, дай быць пры памяці, 
Адшукаць шлях да берагу дай!

Хмары лунаюць апончамі шэрымі вершнікаў,
Тых, што спрадвеку штурмуюць вятрыскам-лязом
Мур берагоў, дзе чакаюць драпежнікаў
Дзіды паморскіх лясоў.

Там, за лясамі, дзе вежы імхамі аблеплены, 
Вы мне казалі: "Вясны дачакаймася, пан!" 
Аж я, пыхаю ўласнай асьлеплены, 
На поўнач 
Рушыў быў свой караван.

Толькі ўсе коґі, спужаўшыся, хутка вярнуліся,
Узняўшы мяцеж. Няхай Бог ім судьдзя.
А ўжо на золку ў сківіцах льдоў задыхнуліся
Мары мае і ладдзья.

Вые завея дзеўкай разбэшчанай. 
Футра халоднае цяжкае долу хіне.
Воі мае, каго Зюзя ўзяў першымі,
Клічуць зь нябёсаў мяне.

А пада мною, ў глыбінях, пад коўдрай лядоваю,
Людзі марскія чакаюць сканчэньня часоў...
Ў белай бязьмежнасьці стома адольвае
Сына паморскіх лясоў.

Кратаю вуснамі сьнег... Ўвесну станем тапельцамі...
Раптам князёўны марской... твар пад ільдом прамільгне...
Ў сэрцы згасае цяпельца. Мы —
Здабыча чаек, ахвяра зіме.

***************
Ветразь рызьзём застанецца на мачце пахіленай.
Хмараў сукно захіне белых птушак палёт.
А сярод мора, скаванага цішай магільнаю,
Высіцца вусьцішны стод.

І адлятаючы ў вырай бурштынавы, 
Ўсе мы ўбачым чароўныя сны...
Бог не даруе, даруйце ж мне Вы, панове,
Што я не дачакаўся вясны!..

2007


Бард Топ elcom-tele.com      Анализ сайта